"Літаратура і мастацтва", 1999, 12 лютага, с, 13 — 15. "Гэта Мы": пачатак традыцыі? СУБ'ЕКТЫЎНЫ АНАЛІЗ БЕЛАРУСКАГА БАРДАЎСКАГА РУХУ СПРОБЫ ЛАДЗІЦЬ беларускамоўныя фестывалі аўтарскай песні распачаліся ў 1990 годзе. На зямлі Беласточчыны, амаль на польска-беларускай мяжы ля Гарадка адбыўся фестываль "Басовішча", якому наканавана было стаць штогадовым. Але няўхільнымі на ім сталі дзве тэндэнцыі. Па-першае, бардаў з кожным разам было ўсё менш, усё больш — рок-каманд. Па-другое, усё менш было беларускай мовы. Пэўная альтэрнатыва "Басовішчу" — "Бардаўская восень" у Бельску-Падляшскім на то жа Беласточчыне нарадзілася напрыканцы 1994 года. Фестываль таксама стаў штогадовым і здолеў пакуль захаваць беларускасць, але, як і ў Гарадку, бардаў з цягам часу выціснулі рок-каманды. У фестывальнай праграме-98 выступілі толькі тры барды — ды і тыя былі запрошаныя хутчэй за мінулыя заслугі. На Беларусі першы бардаўскі фэст наладзіла ў жніўні 1991-га група энтузіястаў з Оршы. На гістарычным Крапівенскім полі быў разбіты палатачны лагер, усталявана гукаўзмацняльная апаратура, распалена вялізнае вогнішча. На запрашэнне ўзяць удзел адгукнулася некалькі мінчукоў (сярод якіх — бард Зміцер Сідаровіч і сябры Задзіночання Беларускіх Студэнтаў), жодзінец Кастусь Герашчанка ды Лера Сом з Полацка — пяць бардаў і дзесяткі тры гледачоў. Аднак і гэтая ініцыятыва атрымала штогадовы працяг. У 92-ім колькасць бардаў вымяралася тут ужо дзесяткамі, а гледачоў — сотнямі, у 93-ім -— да бардаўскага асяродка далучыўся першы рок-гурт ("Камелот"), а ў 95-м рок- і бард- праграмы занялі прыкладна аднолькавую колькасць часу. Надалей фэст "Аршанская бітва" пад уплывам палітычнай сітуацыі перастаў рэкламавацца і асвятляцца ў сродках масавай інфармацыі ды паступова "перайшоў на нелегальнае становішча", дзе не прадугледжана гукаўз мацняльная апаратура. Але традыцыя жыве. Мінск стаў чацвёртым месцам, дзе паспрабавалі рабіць беларускія бардаўскія фэсты. 1993 год... З першай жа радыёперадачы, прысвечанай будучаму фестывалю, робіцца зразумелым, хто будзе абвешчаны пераможцам так званага конкурсу. Сам фестываль дзначаецца новымі імёнамі, многія з якіх надалей так па-бардаўску і не прагучаць, а таксама няшчырасцю арганізатараў. 1994 год. Першы фестываль беларускай аўтарскай песні "Залатая горка". Гучаць гармонік, піяніна і кан'юнктура. Журы конкурсу так і не прыходзіць да паразумення, ды і якое можа быць паразуменне, калі, напрыклад, адзін з маскоўскіх членаў журы прад'яўляе на аплату квіток з "Боінга" ды патрабуе выдаць у некалькі разоў большы ганарар, чым яго калегу з Украіны. 1995 і 1996 гады... Фестывалі аўтарскай песні "Мінск" ладзяцца старшынёй літаратурна-мастацкай суполкі Задзіночання Беларускіх Студэнтаў Кастусём Елісеевым пры падтрымцы фонду Сораса. Ніякага конкурсу няма. Ёсць беларускамоўныя і рускамоўныя дні. За аснову ўзята канцэпцыя каманды — удзельнікі фестывалю знаходзяцца ў добрых і досыць блізкіх стасунках паміж сабой і, самае галоўнае, — з арганізатарам. Мне пашанцавала ўвайсці ў лік арганізатараў яшчэ аднаго пачынання — фестывалю "Гэта Мы", які прайшоў у сталічным Палацы прафсаюзаў 20 — 21 кастрычніка 1998 года. На маю думку, падмурак для бардаўскай беларускай фестывальнай традыцыі ў Мінску нарэшце быў закладзены трывалы. Бадай, упершыню беларуская аўтарская песня акрэсліла сябе ва ўсёй палітры: з пачынальнікамі, прадаўжальнікамі, спадарожнікамі, кансерватарамі і дысідэнтамі. Пра магчымасць і жаданне правесці фестываль беларускіх бардаў абвясціла на пачатку восені 98-га малавядомае шырокаму беларускаму грамадству, але досыць уплывовае Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў (варта сказаць, менавіта яно прадстаўляе Беларусь у ESIB — Міжнацыянальных студэнцкіх саюзах Еўропы, мае свае суполкі, акрамя РБ, яшчэ ў Варшаве і Лондане, агульная колькасць сяброў Задзіночання — за тысячу, у складзе — інтэлектуальная і адукаваная студэнцкая моладзь, многія сябры ЗБС ужо сёння з'яўляюцца высокімі спецыялістамі ў галінах сваёй прафесійнай дзейнасці). Канцэпцыя фестывалю — прадставіцьтых аўтараў, якія выявілі сябе ў беларускай аўтарскай песні, паказаць, вобразна кажучы, увесь кацёл, у якім беларуская аўтарская песня варыцца сёння. Свята, збольшага, удалося. Дваццаць дзевяць прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі праспявалі тое, што лічылі патрэбным. Нейкіх абмежаванняў ці папярэдняга ўзгаднення тэматыкі не было. Такі свабодны выбар толькі паспрыяў сяброўскай атмасферы імпрэзы. Ампірны Палац прафсаюзаў быў абраны для фестывалю заканамерна. Пры пэўных недахопах у акустыцы ён добра адпавядае менавіта святочнасці нараджэння. Тут і псеўдаамтычныя калоны насцэне і чырвоная стужка паміж імі глядзеліся цалкам натуральна. І пераразаць яе павінен быў, вядома ж, пачынальнік. Напаўлегендарны сёння спявак беларускіх песень Сяргей Новік-Пяюн, на жаль, не меў вядомых нам пераямцаў-прадаўжальнікаў. Пра нейкае падабенства з'яўлення традыцыі беларускага "шансону" можна казаць хіба што з сямідзесятых гадоў, калі на поўную Моц заззялі "Песняры", узняшы хвалю імітатараў-паслядоўнікаў. Чалавек з гітарай, які спявае па-беларуску, у кантэксце творчасці "Песняроў", а пасля "Сяброў" і "Верасоў", стаў выглядаць цалкам натуральна і нават прыгожа. У далёкай Амерыцы прыкладна ў той жа час выйшаў на сцэну малады хлопец Багдан Андрусішын, стаўшы пазней культавай асобай, вядомай як Данчык. "Песняры" пазнаёміліся з ім падчас амерыканскіх гастроляў, і неўзабаве сцэнічныя іміджы саліста "Песняроў" Леаніда Барткевіча і Данчыка мала ў чым розніліся. І Барткевіч, і Данчык спявалі напісанае не імі, але сама форма падачы беларускай песні была менавіта беларускай і, несумненна, зрабіла ўплыў на ўзнікненне і развіццё беларускага бардаўскага руху. А свае беларускамоўныя песні заспявалі ў тых жа сямідзесятых два досыць мажорныя паляшуцкія хлопцы, імправізуючы на адным фартэпіяна. І такім чынам сталі рэальнымі бацькамі беларускага бард-руху. Так сталася, усе беларускія бард-агеньчыкі амаль дзесяцігоддзе пасля гістарычнай сустрэчы гэтых двух хлопцаў, запальваліся ці ў Мінску, ці на Палессі. І ўсе гэтыя людзі з гітарамі былі знаёмымі кагосьці з гэтых юнакоў. Хлопца з Заходняга Палесся звалі Вінцук Вячорка, хлопца з Усходняга Палесся — Сяргей Дубавец. Вінцук Вячорка і перарэзаў чырвоную стужку нованароджанага фестывалю. А першую песню праспявала, вядома ж, паляшучка — наймаладзейшая з удзельніц фестывалю, студэнтка беларуска-англійскага аддзялення філалагічнага факультэта Гомельскага універсітэта Наталля Дзенісюк. Пачынальнікаўбеларускай аўтарскай песні з гітарай таксама было два: Алесь Шпакоўскі з-пад Смалявіч і Эдуард Акулін. Алесь выступаў на пачатку першага фестывальнага дня, Эдуард — завяршаў фестываль. Філасофская адукацыя Шпакоўскага моцна адбіваецца ў яго тэкстах. Алесь моцна хваляваўся і шмат гаварыў, што зусім не дзіўна пасля доўгага перапынку ў выступах. У песнях філосафа (і сучасных і даўніх) адчуваюцца настроі памежжа 70-х — 80-х: рамантызм, энтузіязм, роспач. Не ведаю як успрымае Шпакоўскага сучасная моладзь, для мяне ён — адбітак свайго часу, свайго пакалення. ЭдуардАкулін — таксама адбітак свайго пакалення. Але ў адрозненне ад Шпакоўскага, ён не меў вялізнага перапынку ў выступах. Таму — гаварыў няшмат. Але і спяваў, як падалося шэрагу слухачоў, замала. Акулін, пад уплывам якога калісьці заспяваў Сокалаў-Воюш, — досыць арыгінальная постаць у беларускай песні і паэзіі. Пачаўшы з рок-гурта "Баскі" (разам з Алесем Бяляцкім) ён прайшоў затым некалькі грунтоўных зменаў іміджу і зараз спявае тое, што можа зрабіцца эстраднымі хітамі, пры адпаведнай раскрутцы. Хтосьці гэтыя рэчы заве кан'юнктурай і ўвогуле кажа, што Акулін вычарпаўся. На маю думку — не ўсё так проста. Эдуард, як творчая асоба, часам робіць рэчы нестандартныя і нярэдка з таго выйграе. Падазраю, хутка можна чакаць чарговага "выбрыку". Алесь і Кася Камоцкія... Заспявалі па беларуску ў 1982-м. Алесь Камоцкі — філосаф, выключаны з універсітэта падчас адной палітычнай кампаніі. Спакойная, лірычная манера выканання. Часам, шматслойны падтэкст. На такую песню заўжды знойдуцца прыхільнікі, хіба што не вельмі гарачыя. Затое — доўгачасовыя. Кася Камоцкая, традыцыйна для апошняга часу, выйшла на сцэну ў кампаніі з лідэрам рок-гурта "Уліс" і фенаменальным гітарыстам Вячаславам Коранем. Дзве гітары ўтварылі чароўны эфект. І хоць песні былі ўсе знаёмыя, ад добрых рэчаў у добрым выкананні заўжды атрымліваеш асалоду. Андрэй Мельнікаў... Заспяваў па-беларуску ў 87-м. Ну што сказаць пра сябе, апроч добрага? Праспяваў тое, што планаваў, плюс — тое што папрасіла зала. Віктар Шалкевіч. Па-беларуску пачаў спяваць у 88-м.Чакалася, што выступіць з камандай. Але Віктар выйшаў адзін. Творчасць Шалкевіча апошніх гадоў — цынічныя Танга — далёка не ўсім падабаюцца, Ды, бадай, адпавядаюць сучаснаму стану творцы. Адраджэнская хваля 1989—94 гадоў адкрыла для беларускай аўтарскай песнІ добрых два дзесяткі новых Іменаў. З Іх на фестывалі даволі нечакана ўразіў Алег Дашкевіч, журналіст, больш вядомы як аўтар зусім не паэтычных тэкстаў. На "Гэта Мы" залу моцна страсянуў яго "Зялены патруль" — блюзавы шэдэўр, які, пэўна, можа стаць бардаўскай "візітоўкай" Дашкевіча. Валер Пазнякевіч... Амбіцыйны і катэгарычны журналііст "Чырвонай змены". Свой погляд на аўтарскую песню і яе межы няўхільна дэманструе і на сцене, і па-за ёй. Мае, як паказаў фестываль, немалую аўдыторыю прыхільнікаў. Алесь Палынскі... Журналіст, таксама з "Чырвонай змены". Манера выканання — традыцыйная. Слухаючы яго, уяўляюцца кампаніі ля камінаў ці ля вогнішчаў у лесе. Серж Мінскевіч... Журналіст "Культуры", адзін з лідэраў літаб'яднання "Бум-бам-літ" і лідэр нядаўна створанага рок-гурта "Жах". Музыку апошнім часам апрацоўвае з дапамогай камп'ютэра. Шэраг маіх знаёмых арганічна не пераварваюць Мінскевіча, а ледзь пачуўшы — выходзяць з залы, іншыя — наадварот: гатовыя слухаць бясконца. Такая вось неабыякавасць. Між іншым, менавіта Серж з году ў год атрымлівае запрашэнні ў Бельск на "Восень". Раней, стылёва Мінскевіч бліжэй за ўсё быў да панку, зараз я пазбегну канкрэтнага вызначэння — прыходзьце, слухайце. Не спадабаецца — дык бяжыце з залы. Вольга Акуліч... Журналістка "Кроку". Кароценькія яе песні-выказванні гучаць вельмі па жяноцку і па-жаноцку разумна, нагадваючы традыцыйныя рускамоўныя аналагі. Вольга мае сталых прыхільмікаў. Мне ж слухаць яе цікава, бо і знаёма і зразумела. Зміцер Дзядзенка... Рэдактар тэлебачання. Пачынаў з паэзіі, пасля перайшоў на больш "інтэлектуальныя" жанры і небясплённа сябе там праяўляе. Неэфектны, як "чалавек сцэны", і манера падачы — не для вялікіх залаў. Слухаючы Дзядзенку, трэба сканцэнтравацца на тэкстах. Тэксты ў яго цікавыя для тых, хто здольны мысліць самастойна. Зміцер Бартосік... Журналіст з "Нашай Нівы" — найпапулярнейшы сёння беларускі бард на значных тэрыторыях, сярод якіх горад Мінск. Вельмі моцны сцэнічны імідж гэткі "беларускі Элвіс". Ілюзія разумення з залай яго шматслойных насамрэч тэкстаў. Бартосік закранае "калектыўнае падсвядомае" пакаленняў "позняга саўка": "штосьці такое знаёмае і прыемнае". Алег Мізула... Лаўрэат "Залатой горкі", заўважаны дзякуючы незвычайнай самааддачы пры выкананні і не прыняты дасюль многімі. Глабальныя тэмы песень Мізулы рэзка кантраставалі з яго местачковым іміджам (напрошваюцца, бадай, аналогіі з Сяргеем Міхалком і "Ляпісам", але там — свядомы "сцёб", тут жа — непрымальны для многіх постмадэрн), з "рэстаранным надрывам" ды імпульсіўнымі паводзінамі. Як вынік — не запрашэнне на абодва "Мінскі", амаль двухгадовы перапынак у публічных выступах. З Берасця прыехаў зноў сабраны, пасля часовых непаразуменняў, бард-клуб "Вежа": Вольга Сідарук, Вячаслаў Вінцэнт Вашэка, Алесь Паплаўскі, Сяржук Храмаў. Кожны "вежавец" спачатку выступіў індывідуальна. Я б сказаў, індывідуальна-непаўторна. На першы погляд, "вежаўцы" неамбіцыйныя. Так бы мовіць, мы з правінцыі прыехалі. Але кожны жадае засведчыць сваю паэтычную асобу, і гэта атрымліваецца. Вольга Сідарук... Яна робіць стаўку на моц голасу, чужыя тэксты і традыцыйнасць. Межы вызначаныя, тое, штознутры — удасканальваецца. У выніку — досыць прафесійна і прыдатна для афіцыйных імпрэзаў. Не горш за Надзею Мікуліч. Вячаслаў Вінцэнт Вашэка... Былы спартсмен высокага класа і школьны настаўнік, і ў свой выступ уносіць элемент спаборніцтва з магчымымі канкурэнтамі. На мой погляд, найудзячнай аўдыторыяй Вашэкі могуць быць неафіты беларушчыны, неабыякавыя да патрыятызму дзяржаўныя служачыя і спартоўцы ўдалечыні ад Радзімы. Алесь Паплаўскі... Шмат год як знайшоў сваю трывалую "нішу" — беларускі раманс. Ніхто дагэтуль не ўзяўся за "раскрутку" Паплаўскага. Верагодна таму, што рамансы ён піша на ўласныя вершы. Сяржук Храмаў... Даволі простыя тэксты і мелодыі, нагадваюць гарадскія рамансы з "Иронии судьбы...". Але гэтым яны і прыцягальныя — я не ведаю на Беларусі бардаў, якія б успрымалі горад настолькі лагодна і цёпла, як Храмаў. Для Сержука горад — не толькі месца змагання, канкурэнцыі, небяспекі і канфліктаў. Перш за ўсё — гэта натуральны асяродак існавання. З усімі адпаведнымі асацыяцыямі. Калектыўны выступ "Вежы" сарваў шквал апладысментаў і выклікі "на біс". Жылі б "вежаўцы" ў Мінску — пэўна б з імпрэзаў не вылазілі. Прынамсі, ніякіх аналагаў гэтаму калектыву не існуе, а цікавасць да таго, што І як яны робяць, заўжды вялікая. Другі бард-клуб Беларусі — магілёўскі "Новы горад". У Магілёве ён аб'ядноўвае два дзесяткі творцаў (з якіх, можа, найвядомейшы рускамоўны — Аляксандр Баль) і іх прыхільнікаў, а ў Мінск прыехалі пяць беларускамоўных бардаў — Васіль Аўраменка, Ігар Мухін-Рабянок, Сяржук Кулягін, Віктар Юдзін, Павел Пастухоў. Васіль Аўраменка... Адзін з вядучых магілёўскіх урачоў-неўрапатолагаў, чалавек шырокага творчага дыяпазону, Песні — толькі адно з яго захапленняў. Чытачы "ЛіМа" добра знаёмы з філасофска-публіцыстычнымі тэкстамі Аўраменкі, шэраг яго карыкатур (пад псеўданімамі) друкавалі самыя розныя выданні., а яшчэ Васілю ўжэ даўно варта была б наладзіць выставу сваіх акварэляў — хаця б для вузкага кола. Песні Аўраменкі — таксама няпростыя. Па манеры выканання Васіль найбольш набліжаны да жанру расійскага бардаўскага шамсону — і там гатовы прыняць яго за свайго, але — ну не хоча файны неўрапатолаг спяваць па-руску, прынцыпова не хоча. Ігар Мухін-Рабянок... Прапагандыст па адукацыі і складу душы. Нават яго эстрадная лірыка гучыць неяк мітынгова. Пэўна, самае тое, каб выхоўваць маладзенькіх і сівых неафітаў ды падтрымліваць энергетыку адраджэнскіх імпрэз. Працяг творчасці Сержука Сокалава-Воюша ўзору 89 — 90. Пісьменнікі-адраджэнцы — у захапленні ад яго. І не толькі пісьменнікі. Сяржук Кулягін... Ці не вядучы магілёўскі тэлежурналіст, кіраўнік "Новага горада". Такі знаёмы беларусам тып шчырага нацыяналіста-калабаранта з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі. Са сцэны спявае ўласныя рамансы. Шмат каму яны даспадобы. Але калі б тэкстам паболей глыбіні, думаецца, было б лепей. Віктар Юдзін... Рэзка крытычны погляд нажыццё і завостраныя сацыяльныя тэксты. Падыход характэрны для канца 80-х. Думаю, карысна слухаць каму-небудзь з неафітаў ва ўзросце. Прынамсі, у Юдзіна ёсць трывалая пазіцыя. Яна зусім не банальная, а для кагосьці і вартая пераймання. Нарэшце, тыя хто "засвяціліся" ў беларускім бардаўскім асяроддзі ў апошнія чатыры гады: Павал Пастухоў, Віталь Равінскі, Валер Жамойцін, Яўген Савельеў, Зміцер Вінаградаў, Андрэй Латушкін. Павал Пастухоў... Настаўнік музыкі ў закрытай установе для малагадовых злачынцаў. Выканаў рэкордна-доўгую песню-баладу — "Свіцязь" на словы Адама Міцкевіча і яшчэ некалькі рознастылёвых песень. Павал закаханы ў музыку і апантаны тым, што робіць. Кантакт са слухачамі, часам, перарываецца, але перспектывы ў гэтага хлопца, адназначна, ёсць. Віталь Равінскі... Урач-патолагаанатам, з першага пасляваеннага пакалення, спявае:"я дакапаўся да сусветных ісцін, капай і ты — пара твая прыспела". Дэманструе сваім прыкладам, што беларуская аўтарская песня развіваецца не толькі маладымі. Манерай выканання нагадвае вядомага пецярбуржца Аляксандра Гарадніцкага.| Валер Жамойцін... З тых, "каму за трыццаць". Адзіны з беларускіх бардаў, які трымае гітару, як Пол Макартні — у левай руцэ. Ляўша-Жамойцін стварае непаўторную нелюбоўную лірыку, можа, лепшую з той, што створана аўтарскай песняй у апошнія гады. Увогуле, спявае ён пра рознае, спявае без сарказму, з добрым гумарам, і ў яго "розным" трапляюцца "дыяменты", але, як бы дакладней сказаць, астатняе — не так уражвае. Яўген Савельеў... З народжаных на пачатку 70-х. Паспеў паслужыць у савецкім "кантынгенце" ў Чэхаславакіі. Стаў там каталіком, а па вяртанні на радзіму — у вёску Ноўка пад Віцебскам — "свядомым беларусам". Лідэр віцебскага рок-гурта "New cosmopolis". На фестывалі прысутнічаў у адзіноце, абураючыся са сцэны: "Адзін чалавек з Віцебска, Ё-маё!" Яўген — асоба амбіцыйная, што, між іншым, нядзіва для адчуваючых "іскру божую". Ды сваю сцэнічную індывідуальнасць культываваць не стаў — абраў вобраз гэткага "беларускамоўнага Талькова" з дадаткам, сфармаваным віцебскімі фестывалямі поль-скай песні і "Славянскіх базараў". Можа, гэта ўзроставае. Талент Савельева ў стане абысціся і без танных "закідаў". Прынамсі, касеты Яўгена я магу слухаць памногу разоў запар і, падазраю, далека не я адзін. Зміцер ВІнаградаў... Дваццацідвухгадовы гамяльчук, перакладчык Гётэ, аўтар некалькіх дзесяткаў песень. У 1996-м "засвяціўся" на бельскай "Восені" ды для Мінска працягваў зястанацца асобай невядомай аж да фестывалю "Гэта Мы". Як І Савельеў, мае намер у перспектыв» выступаць з гуртом. Пры яскравых рокавых рысках у творчасці, бачыць свае песні ў "натуральным" акустычным выкананні. А ПеснІ ў Вінаградава вельмі своеасаблівыя, асацыятыўна-медытатыўныя. Андрэй Латушкін... Дваццацігадовы студэнт. Рыцар клуба "Калюмны". Сучасныя беларускія рыцары — увогуле цікавая генерацыя, апантаная. Самі робяць даспехі такой якасці, на якую ў іх заходніх калег проста захаплення і ўпартасці не хапае. Апранаюць на сябе гэтыя кілаграмы металу і гадзінамі практыкуюцца ў архаічных "сечках". Андрэй Латушкін і спявае ў традыцыйнай для рыцараў рамантычна-мужнай манеры. У дваццаць гадоў мав абсалютнна арганічны імідж і пазнавальную індывідуальнасць. Па-за межамі першага фестывалю "Гэта Мы" па розных прычынах засталіся дзесяткі два беларускіх бардаў, якіх, мяркую, нялішне ўзгадаць, хаця б для таго, каб карціна беларускай аўтарскай песні выглядала завершанай. Адзін з "ветэранаў" "беларускага бардызму", заснавальнік і першы лідэр рок-гурта "Камелот" Зміцер Сідаровіч на пачатку верасня 98-га атрымаў сур'ёзную траўму і на некалькі месяцаў апынуўся ў ложку. Фестываль "Гэта Мы" выказаў падтрымку Сідаровічу слоганам "Жыве Зміцер Сідаровіч!", і, думаецца, такі момант быў зусім не лішнім, Салідарнасць заўжды падтрымлівае. Не прыехала памятная аматарам бардаўскай песні яшчэ з 80-х гамяльчанка Вольга Цярэшчанка. Вольга ўяўляе свае будучыя выступы ў багатай інструментальнай апрацоўцы, заняцца якой не дазваляе досыць склада-ны быт. Бытавыя праблемы не дазволілі прыняць удзел у фестывалі і полацкай паэтцы Леры Сом. Алег Атаманаў, "афіцыйны беларускі бард N1 1993—94 гг." апошнім часам прыняў на сябе імідж рускамоўнага "Баяна Белой Руси". Не выключаю, што "абрусенне" яго часовае. Прынамсі, на лазерным дыску ў Атаманава — беларускія песні, а прыхільнікаў у яго — мноства. Дзесьці "на ніве" народнай медыцыны працуе "няўлоўны" Кастусь Герашчанка, беларускі бард з самым "здаровым вобразам жыцця". Уладзімір Клімовіч, бард і пісьменнік, стварае рэчы, якія маюць немалое кола прыхільнікаў, а кагосьці і прыцягваюць да беларушчыны. Мікола Жура — творца, які моцна страсянуў Магілёў у 91-м сваімі песнямі, але не знайшоў тады дастатковай падтрымкі і сышоў у хатнюю творчасць. Алег Бахарэвіч — "цынічны панк" з Бум-бам-літа. Аўтар не купалаўскай "Спадчыны" і яшчэ шмат чаго. Андрэй Хадановіч — перакладчык французскай і польскай класікі, вельмі іранічны паэт. Як беларускі бард упершыню праявіў сябе ў Беластоку ў 1996 г. Браты Дзямідчыкі — беларускія евангелісты з Оршы. Прымалі ўдзел у афіцыйных фэстах "Аршанская Бітва". Аршанка Галя Дарэўская, таксама "засвяцілася" некалі на "Аршанскай бітве". Далейшы лёс невядомы. Гарадзенец Уладзімір Хільмановіч, журналіст, які спецыялізуецца на спорце, стварае мелодыі да крануўшых яго душу беларускіх вершаў. Мае прыхільнікаў. Валеры Руселік — таксама гарадзенец. Яму ўсяго васемнаццаць гадоў. А песні яго ведаюць не толькі ў Гародні, але і ў Мінску, і ў Польшчы. Маруся Аліфер — беластоцкая студэнтка, асела ў Мінску. З голасам, мацнейшым, чым у Цярэшчанкі і зменлівым месцам жыхарства. Лана Медзіч — мела на Беларусі нямала прыхільнікаў і запамінальны імідж. З'ехала ў Піцер. За межамі Беларусі жывуць і спяваюць Сяржук Сокалаў-Воюш, Зміцер Варапаеў, Уладзімір Палупанаў, Даніла Фёнік. Пэўна, ёсць і іншыя беларускія барды, але яны не вядомыя, на жаль, мне... Гісторыя і сучаснасць беларускай бардаўскай песні паказваюць — яна жыве. Досыць шырокія межы жанру дазваляюць беларускаму бардаўскаму руху штогод нараджаць новыя імёны. Для кагосьці бардаўская песня — прыступка для далейшага рокавага ўзыходжання, хтосьці застаецца на памежжы — робячы то індывідуальныя, то гуртовыя праекты, хтосьці "захоўвае традыцыі". Своеасаблівае "свабоднае грамадства". Думаецца, менавіта ў свабодзе — перспектыва нашага існавання. Фестываль "Гэта Мы" адпавядае прынцыпу свабоды. А таму мае ўсе падставы стаць традыцыйным. Андрэй МЕЛЬНІКАЎ Ад рэдакцыі. Чым зацікавіў нас гэты артыкул? Сваёй першаснасцю, поглядам знутры... Бадай, упершыню зроблены выс- новы беларускамоўнай бардаўскай песні. Зроблены не чалавекам збоку, а самім аўтарам-выканаўцам. Высновы хоць і суб'ектыўныя, але, як нам здаецца, насам- рэч шчырыя. Глеба для розгаласу, узаема- карыснай дыскусіі больш чым урадлівая...